рефераты бесплатно

МЕНЮ


Реферат: Удзел беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і міжнародным жыцці пасляваеннага перыяду

Спрадвек бывала, што ў краіне, акупіраванай іншаземнымі заваёўнікамі, з’яўляліся людзі, якія свядома і дабрахвотна ішлі да іх на службу. У юрыдычнай і гістарычнай літаратуры за імі замацавалася назва «калабарацыяністы» (або «калабаранты»).

Беларускі калабарацыянізм быў сацыяльна і ідэйна неаднародным. Большасць яго прадстаўнікоў паходзіла з дзеячаў БНР, якія апынуліся ў эміграцыі з 1920-х гг. і ўслед за нямецкімі акупантамі вярнуліся на радзіму. Другую групу склалі людзі, якія былі зацятымі ворагамі бальшавізму, пацярпелі ад калектывізацыі або трапілі пад рэпрэсіі і г. д. Нарэшце да супрацоўніцтва з акупантамі схіліліся асобы, якія паддаліся ўздзеянню іх прапаганды і свядома спрыялі ўмацаванню акупацыйнага рэжыму. У іх ліку створаная ў кастрычніку 1941 г. з санкцыі гаўляйтэра В. фон Кубэ ў Мінску Беларуская народная самапомач (БНС), якая ставіла на мэце дапамогу беларусам, пацярпелым ад вайны, бальшавісцкага і польскага праследавання, а таксама развіццё беларускай культуры. Цэнтральны савет («цэнтраль») гэтай арганізацыі складаўся з 10 чал. на чале з І. Ермачэнкам – буйнейшага дзеяча эміграцыйнага ўрада БНР. З цягам часу ва ўсіх 10 акругах Беларусі ўзніклі аддзелы БНС, падкантрольныя акупантам.

29 чэрвеня 1942 г. В. фон Кубэ выказаў зацікаўленасць у просьбе «цэнтралі» аб фарміраванні нацыянальных узброеных сіл, у тым ліку для барацьбы з партызанамі, і даў згоду на заснаванне Беларускага корпуса самааховы. Ён пагадзіўся і з тым, каб камандныя пасады ў БСА займалi беларусы, падрыхтоўка вялася на беларускай мове, каб каманды аддавалiся па-беларуску і г. д. Але начальнік паліцыі, СС і СД Цэнер настаяў, каб акрамя камандзiра-беларуса, у падраздзяленні меўся яшчэ i шэфнемец. Надалей, немцам здаліся больш надзейнымі беларускія паліцэйскія батальёны. Таму ў жніўні 1942 г. у іх стан былі пераведзены ўсе «стральцы», а штаб БСА быў распушчаны.

Большую самастойнасць мела рэарганізаваная Галоўная Рада БНС у пытаннях, звязаных з адукацыяй і сацыяльнай сферай. 13 яе аддзелаў – палітычны, адміністрацыйны, вайсковы, школьны і інш. – складалі аснову будучага дзяржаўнага апарату Беларусі. Удзельнікі з’езда акруговых кіраўнікоў БНС, які адбыўся ў сакавіку 1943 г., звярнуліся да В. фон Кубэ з мемарандумам з просьбай аб прадстаўленні Беларусі аўтаноміі, беларускага ўрада і беларускага войска. Але патрабавальны тон дакумента не задаволіў гаўляйтэра Беларусі, таму лідэр БНС І. Ермачэнка быў адхілены ад пасады, а яго месца заняў больш памяркоўны дзеяч – прафесар В. Іваноўскі.

Неўзабаве БНС была пераiменавана ў Беларускую самапомач. Яе дзейнасць была абмежавана 2 накiрункамi – аховай здароўя i матэрыяльнай дапамогай насельніцтву. 27 чэрвеня 1943 г. на з’ездзе прадстаўнiкоў «беларускай грамадскасцi» з удзелам нямецкага камандавання на чале з В. фон Кубэ было абвешчана аб стварэннi пастаяннага дарадчага органа – Рады даверу з 16 чал. на чале з бургамістрам Мінска В. Іваноўскім. Акрамя акруговых прадстаўнікоў, у яе ўвайшлі: Ю. Сабалеўскі – ад Беларускай самапомачы, К. Рабушка – ад прафсаюзаў, а таксама М. Ганько і Н. Абрамава – ад створанай 22 чэрвеня 1943 г. арганізацыі Саюза беларускай моладзі (СБМ).

Пераемнiк забiтага Кубэ – генерал палiцыi і войск СС К. фон Готберг 21 снежня 1943 г. санкцыянаваў стварэнне Беларускай Цэнтральнай Рады з 15 чал. як дапаможнага дарадчага органа пры камісарыяце на чале з прэзідэнтам Р. Астроўскім. Новая крэатура пазіцыяніравала сябе прадстаўнiцтвам беларускага народа, а яе асноўнай задачай абвяшчалася барацьба з бальшавізмам.

У выніку інтарэсы дзеячаў БЦР сыходзіліся: перад імі ўзнікала перспектыва ўтварэння беларускай дзяржаўнасці пад германскім пратэктаратам, а іх гаспадары маглі разлічваць на актывізацыю беларускага насельніцтва ў барацьбе з партызанамі і задавальненні эканамічнах інтарэсаў рэйха. Так, у сувязі з узрастаннем партызанскай вайны акупанты адчувалі патрэбу ў фарміраванні дадатковых сіл. Прымусова мабілізаваных імі ў канцы 1943 г. – пачатку 1944 г. 5 тыс. беларускіх жаўнераў яўна не хапала. Такім чынам, інтарэсы калабарантаў, якія марылі аб нацыянальным войску, і мэты немцаў ізноў сыходзіліся. У выніку 6 сакавіка 1944 г. з дазволу К. фон Готберга прэзідэнт Р. Астроўскi падпiсаў загад аб стварэнні Беларускай Краёвай Абароны «для канчатковай ліквідацыі бальшавіцкіх бандытаў» і «абароны Бацькаўшчыны».

З гэтай нагоды з 7 сакавіка абвяшчалася мабілізацыя былых афіцэраў, падафіцэраў, а таксама ўсіх мужчын 1908–1917 і 1921–1924 гадоў нараджэння. Таму, хто мусіў ухіліцца ад яе пагражаў надзвычайны суд і пакаранне смерцю. Правядзенне мабілізацыі ўскладалася на Галоўнае ўпраўленне БКА на чале з маёрам Ф. Кушалем. У выніку на прызыўныя пункты з’явілася каля 40 тыс. чал. З-за недахопу зброі і абмундзіравання ў БКА здолелі прыняць каля 25 тыс., з якіх было сфарміравана 39 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў. Большасць іх, атрымаўшы зброю, пераходзіла да народных мсціўцаў.

У час, калі поўным ходам ішло наступленне Чырвонай Арміі, 27 чэрвеня ў Мінску пад старшынствам Р. Астроўскага распачаў працу II Усебеларускі кангрэс з удзелам 1 039 дэлегатаў ад беларускіх згуртаванняў і акупацыйнай адміністрацыі. У сваёй рэзалюцыі ўдзельнікі, па-першае, пацвердзілі дзейснасць ІІІ Ўстаўной граматы ад 25 сакавіка 1918 г., па-другое, выказаліся супраць БССР як формы беларускай дзяржаўнасці; па-трэцяе, абавязаліся абвясціць усім народам свету аб тым, што «голас Масквы і СССР у беларускіх справах не мае ніякай праўнай сілы» і, па-чацвертае, назвалі БЦР на чале з прэзідэнтам Р. Астроўскім «адзіным праўным прадстаўніком Беларускага народу і ягонага краю».

Але рэальных сіл для таго, каб рэалізаваць пастанову кангрэса, не хапіла ні ў яго арганізатараў, ні ідэйных натхніцеляў. Ужо 30 чэрвеня лiдэры БКА збеглi у Польшчу, затым у Германiю. Ведамства А. Розенберга выказала зацікаўленасць у БЦР як арганізацыі, здольнай стварыць прагерманскія ўзброеныя фарміраванні, павесці агітацыю і прапаганду сярод беларускіх працоўных, узяць на сябе ўсю працу па аб’яднанні беларусаў Германіі. У кастрычніку 1944 г. вайсковы аддзел БЦР быў рэарганiзаваны ў Галоўнае ўпраўленне вайсковых спраў (ГУВС) на чале з генералам К. Езавiтавым. У адпаведнасці з загадам Г. Гімлера, 25 студзеня 1945 г. ГУВС стварыў I грэнадзерскую брыгаду СС «Беларусь». Але напрыканцы вайны, пакінуўшы акопы, яны здаліся ў палон амерыканцам.

Такім чынам, калабаранты не дасягнулі сваіх мэтаў. Тыя з іх, хто спрабаваў з дапамогай акупантаў дамагчыся беларускай дзяржаўнасці, не знайшоў трывалай народнай падтрымкі. Наадварот, рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя выступілі ў падтрымку савецкага ладу, ідэй Леніна і Сталіна, дапамагалі партызанам, падпольшчыкам і чырвонай Арміі ў вызваленні БССР.

3. Кіруючая роля камуністычнай партыі ў арганізацыі партызанскага руху і падпольнай барацьбы

Савецкі народ сустрэў напад фашысцкіх агрэсараў на СССР з пэўнай трывогай, але без адчаю і панікі. Выхаваны ўпэўненым у значнай перавазе сацыялістычнага ладу над капіталістычным, несакрушальнай моцы Чырвонай Арміі, ён непахісна верыў у хуткую перамогу над ворагам. Гэтую веру мацавала дзеючая Камуністычная партыя (бальшавікоў) на чале з І. Сталіным.

Беларуская партыйная арганізацыя – каля 51 тыс. камуністаў і 24 тыс. кандыдатаў у члены партыі – апынулася на пярэднім краі барацьбы з фашысцкім агрэсарам. 29 чэрвеня падпісанай І. Сталіным дырэктывай «Партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей» быў пакладзены пачатак арганізацыі супраціўлення. У адпаведнасці з дырэктывай ЦК КБ(б) Б ад 30 чэрвеня «Аб падрыхтоўцы да пераходу на падпольную работу партыйных арганізацый, якія знаходзяцца пад пагрозай фашысцкай акупацыі», каля 8 тыс. камуністаў мусіла перайсці на нелегальнае становішча. Да канца жніўня ва ўмовах акупацыі пачалі сваю дзейнасць Мінскі, Гомельскі і Пінскі абласныя, 1 гарадскі і 19 раённых падпольных камітэтаў партыі.

У Мінску да канца 1941 г. дзейнічала звыш 2 тыс. патрыётаў, арганізаваных гарадскім камітэтам на чале з І. Казінцом. Да вызвалення Мінска тут дзейнічала 9 тыс. чал. падпольшчыкаў, у тым ліку 1 025 камуністаў і 2 044 камсамольцаў. У сакавіку 1942 г. пачаў дзейнічаць Віцебскі, у жніўні – Пінскі абкам КП(б) Б. Восенню 1942 г. партыйны цэнтр Віцебска стварыў у горадзе разгалінаванае падполле. Найбольшую актыўнасць выявіла група В. Харужай. У верасні 1942 г. у Гомелі дзейнічала каля 20 груп. У 1942–1943 гг. моцны падпольны рух існаваў у Магілёве, дзе 40 груп (каля 400 чал.) аб’ядналіся ў адзіную арганізацыю «Камітэт садзеяння Чырвонай Арміі». Вялікі ўклад у падпольную барацьбу ўнеслі камуністы Бабруйска, Баранавіч, Барысава, Брэста, Вілейкі, Жлобіна, Калінкавіч, Оршы і іншых гарадоў.

Падпольшчыкі неслі велізарныя страты. Так, у выніку двух правалаў у складзе каля 700 патрыётаў загінула партыйнае кіраўніцтва падполля Мінска. З 1 500 падпольшчыкаў Віцебска загінуў кожны трэці. Але партыя не прыпыняла барацьбы і ўздымала на яе новых змагароў. Усяго ў баявым падполлі ўдзельнічала каля 70 тыс. чал. Іх намаганнямі адбываліся дыверсіі на фабрыках і заводах, забойствы акупантаў і іх наймітаў, збор разведдадзеных, распаўсюджанне газет і лістовак, зводак Інформбюро і інш. Умелая каардынацыя камуністамі партызанскага і падпольнага руху забяспечылі ліквідацыю гаўляйтэра В. фон Кубэ, якую здзейснілі А. Мазанік, М. Восіпава і Н. Траян.

Усяго ў баявым падполлі ўдзельнічала каля 70 тыс. чал. Лепшым з іх – У. Амельянюку, Е. Зяньковай, І. Казінцу, М. Кедышку, М. Кабушкіну, Я. Клумаву, З. Партновай, В. Харужай і інш. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Першыя партызанскія атрады арганізавалі і ўзначалілі камуністы. Так, 26 чэрвеня ў Пінскім раёне пачаў дзейнічаць атрад на чале з В. Каржом. 9 ліпеня на барацьбу з ворагам узняўся атрад, сфарміраваны Суражскім райкамам партыі Віцебскай вобл. на чале з М. Шмыровым. З першых дзён ліпеня пачаў баявую дзейнасць атрад «Чырвоны Кастрычнік», які ўзначаліў першы сакратар Кастрычніцкага райкама партыі Палескай вобласці Ц. Бумажкоў.

У адказ на пастанову ЦК УКП(б) ад 18 ліпеня 1941 г. «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск» да 25 ліпеня 1941 г. партыйнымі камітэтамі Беларусі было створана 118 атрадаў з 2 600 партызанамі, а праз месяц колькасць патрыётаў ужо складала каля 12 тыс. чал. 6 жніўня 1941 г. за вялікія поспехі ў барацьбе з ворагам Ц. Бумажкову і Ф. Паўлоўскаму першым з савецкіх партызан было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У 1942 г. ЦК КП(б) Б атрымаў дазвол ЦК УКП(б) на адкліканне з Чырвонай Арміі беларускіх камуністаў для іх падрыхтоўкі ў якасці арганізатараў партызанскага руху. З гэтай мэтай у красавіку 1942 г. у г. Мураме Ўладзімірскай вобл. быў створаны «Асобы беларускі збор». Да верасня 1942 г. на Беларусь былі перапраўлены 20 атрадаў, 102 арганізатарскія і 62 дыверсійныя групы, якія налічвалі больш за 3 тыс. чал. Асноўным месцам іх перакідкі сталі так званыя «Суражскія вароты», якія ўтварыліся на стыку груп армій «Поўнач» і «Цэнтр».

30 мая 1942 г. пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў утвораны Цэнтральны Штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з І сакратаром ЦК КП(б) Б П. Панамарэнкам. Як вынікала з загаду народнага камісара абороны Саюза ССР І. Сталіна за №00189 ад 5 верасня 1942 г. «Аб задачах партызанскага руху», роля беларускіх мсціўцаў значна павялічвалася. З гэтай нагоды 9 верасня ўтвараўся Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) як ваенна-баявы орган ЦК КП(б) пад старшынствам ІІ сакратара ЦК П. Калініна.

28 лютага 1943 г. Пленум ЦК КП(б) прыняў пастанову аб узмацненні барацьбы супраць акупантаў. З гэтай нагоды на Беларусь былі перакінуты работнікі Баранавіцкага, Брэсцкага, Вілейскага і Беластоцкага падпольных абкамаў. На працягу з сакавіка па чэрвень 1943 г. у тыл ворага было адпраўлена звыш 220 партыйных кіраўнікоў. Да канца 1943 – пачатку 1944 г. сістэма партыйнага кіраўніцтва народнай вайной складалася з 10 падпольных абкамаў, 17 міжрайкамаў, 8 гаркамаў, 2 гаррайкамаў і 166 райкамаў КП(б) Б.

Па меры арганізацыі партызанскага руху асобныя атрады згуртоўваліся ў брыгады. Так, З красавіка 1942 г. М. Шмыроў узначаліў Першую беларускую брыгаду. На працягу ўсяго перыяду акупацыі ў Беларусі дзейнічалі 199 брыгад, 14 палкоў (997 атрадаў) і 258 асобных атрадаў, у якіх налічвалася 374 тысячы байцоў; На 1 ліпеня 1943 г. камуністы ўзначальвалі 89, 6% атрадаў и 96, 1% брыгад. У межах асобных раёнаў і абласцей брыгады аб’ядноўваліся ў злучэнні пад кіраўніцтвам падпольных абкамаў і на чале з іх сакратарамі.

Важнейшым сродкам актывізацыі партызанскага руху ў 1942–1943 гг. з’яўляліся рэйды па тылах акупантаў, ініцыіраваныя падпольнымі абкамамі партыі. Так, атрады Мінска-Палескага злучэння, брыгада імя К. Заслонава прайшла 300-кіламетровым маршам па Віцебскай і Мінскай абласцях. Атрад «Баявы» начале з А. Флягонтавым здзейсніў пераход у 500 км. Пад час 1000 кіламетровага рэйду Беластоцкага злучэння на чале з сакратаром падпольнага абкама партыі В. Самуціна колькасць байцоў узрасла з 700 да 1 800 чал., было знішчана шмат захопнікаў, падарваны дзесяткі эшалонаў і 1100 рэяк.

З лістапада 1942 па снежань 1943 г. узначалены камуністамі партызанскі рух па формах і размаху баявых дзеянняў, спосабу кіравання імі набываў маштабы ўсенароднай вайны. Яе праявы адбіліся ў разгроме акупацыйных сіл і іх выцясненні за межы кантралюемых народнымі мсціўцамі тэрыторый – 20 партызанскіх зон і 2 краёў.

Асноўным відам барацьбы партызан супраць ворага з’яўляліся дыверсіі на чыгунцы. Найбольшы плён у плане разгрому фашызму яна прынесла пад час так званай «рэйкавай вайны», распрацаванай у Стаўцы сумесна з ЦШПР і БШПР. Праведзеная ў тры этапы: першы – з 3 жніўня па 15 верасня 1943, другі – з 19 верасня па 1–3 лістапада 1943 і трэці – з 20 па 23 чэрвеня 1944 г., яна нанесла каласальны ўрон праціўніку. Толькі чыгуначных рэек было падарвана 272 тыс., без уліку разгромленых гарнізонаў, станцый, іншых дыверсій. Такім чынам, ні пад час бітвы на Курскай дузе, ні пад час фарсіравання Дняпра, ні ў час аперацыі «Багратыён» фашысты не здолелі своечасова падвезці патрэбныя грузы сваім арміям.

Такім чынам, асноўную працу па арганізацыі ўсенароднай барацьбы ўзначальвалі ЦК КП(б) Б і БШПР, у тым ліку П. Панамарэнка, П. Калінін, В. Малін, В. Ванееў, Н. Аўхімовіч, Т. Гарбуноў, Г. Эйдзінаў і інш. Вялікі ўклад у гэтую справу ўнеслі кіраўнікі партызанскага і падпольнага руху І. Бельскі, А. Брагін, І. Варвашэня, Я. Жылянін, І. Клімаў, І. Кожар, В. Казлоў, В. Лабанок, Н. Малінін, Р. Мачульскі, В. Самуцін, С. Сікорскі, І. Стулаў і інш.

На чале партыйных камітэтаў дзейнічала камсамольскае падполле, усяго каля 100 тыс. чал. у складзе 10 абласных, 214 міжраённых, гарадскіх і раённых і звыш 600 пярвічных арганізацый. У іх ліку група «Смерть угнетателям народа» («Смугнар»), якая па-геройску дзейнічала ў Калінкавічах, арганізацыя «Юныя мсціўцы» на станцыі Обаль, Віцебскай вобласці на чале с Е. Зяньковай. Так, у ноч на 30 ліпеня 1943 г. буйнейшая за час вайны дыверсія была здзейснена на ст. Асіповічы, калі камсамолец Ф. Крыловіч замініраваў варожы эшалон з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, ад выбуху якога загарэліся яшчэ 2 – з танкамі і боепрыпасамі.

Узначаленая камуністамі армія народных мсціўцаў складала каля 440 тым. чал. Усяго з чэрвеня 1941 па ліпень 1944 г., партызаны знішчылі амаль 0, 5 млн акупантаў, пусцілі пад адхон больш за 11 тыс. эшалонаў, разграмілі 29 чыгуначных станцый, звыш 900 штабоў і варожых гарнізонаў, падарвалі 18, 7 тыс. аўтамашын, шмат танкаў і броневікоў, падарвалі тысячы мастоў, перабілі больш 300 тыс. рэяк і інш.

Звыш 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. 88 чалавекам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у тым ліку сем сакратароў падпольных абкамаў КП(б) Б – В. Казлоў, І. Бельскі, Р. Мачульскі, І. Кожар, А. Кляшчоў, В. Чарнышоў, С. Сікорскі, сакратар падпольнага абкама камсамола П. Машэраў.

Кампартыя Беларусі здзейсніла велізарную палітычную і арганізатарскую работу сярод усіх пластоў і груп насельніцтва. Яе камітэты і арганізацыі склалі касцяк сіл падпольшчыкаў і партызан. У выніку пастаўленая ЦК УКП(б) задача ператварэння партызанскага руху ў тыле ворага ва ўсенародную вайну была выканана. УКП(б) і КП(б) сфарміравалі, узброілі, ідэйна выхавалі масавую партызанскую, армію, забяспечыла яе кіруючымі органамі (БШПР, падпольныя камітэты і г.д.) камандным саставам і кадрамі палітычных работнікаў, натхнілі на самаадданую барацьбу з ворагам.

4. Маскоўская, Сталінградская і Курская бітвы як пераломныя падзеі ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны

Пасля разгрому савецкіх войск пад Смаленскам група армій «Цэнтр» наблізілася да сваёй стратэгічнай мэты. 16 верасня 1941 г. камандуючы фельдмаршал Ф. фон Бок выдаў дыректыву аб падрыхтоўцы аперацыі по захопу Масквы пад кодавай назвай «Тайфун». Для рэалізацыі плана было сканцэнтравана 38% пяхотных і 64% танкавых сіл, якія дзейнічалі на савецка-германскім фронце. Наступаўшых прыкрываў ІІ флот маршала А. Кесельрынга з 1 320 самалётаў.

На шляху да сталіцы гітлераўцам процістаялі Заходні (камандуючы генерал І. Конеў), Рэзервны (камандуючы – маршал С. Будзённы) і Бранскі (камандуючы – А. Яроменка) франты. 800-кіламетровую лінію абаранялі каля 1 250 000 чал. з дапамогай 10, 5 тыс. гармат і мінамётаў, 1 044 танкаў, 1 368 самалётаў.

Штаб групы армій «Цэнтр» планаваў рассекчы савецкія франты і акружыць сілы Чырвонай Арміі ў раёне Бранска і Вязьмы, а затым, наблізіўшыся да Масквы з поўначы і поўдня, узяць яе штурмам.

Карыстаючыся моцнай перавагай у танках з 2 па 9 кастрычніка 1941 г. гітлераўцы замкнулі ў кальцы акружэння пяць армій Заходняга і Рэзервнага франтоў і рушылі на Маскву. Камандаванне Заходнім фронтам было даручана генералу Г. Жукаву.

15 кастрычніка Дзяржаўны камітэт абароны прыняў рашэнне аб эвакуацыі Москвы. У Куйбышаў накіроўваўся СНК СССР, ваенныя акадэміі, пасольствы. Здзяйснялася мініраванне важнейшых прадпрыемстваў і іншых аб’ектаў. 19 кастрычніка ў горадзе ўводзілася асаднае становішча. У час кравапралітных баёў важнейшай падзеяй, якая безумоўна паўплывала на іх вынік, стала святкаванне ў Маскве 24-й гадавіны Вялікага Кастрычніка з удзелам І. Сталіна і правядзенне парада савецкіх войск на Чырвонай плошчы.

16 кастрычніка пачалося генеральнае наступленне сіл вермахта ў напрамку Валакаламска. Але гераічнае супраціўленне байцоў 316-й дывізіі генерала І. Панфілава прыпыніла іх націск на адлегласці 100–80 км ад Масквы. Да канца кастрычніка наступленне нямецкай 3-я танкавай групы на сталіцу было прыпынена войскамі зноў створанага Калінінскага фронту (камандуючы генерал І. Конеў). Упершыню арганізатары аперацыі «Тайфун» адчулі збой у яе правядзенні. Другі раз гэта выявілася на пачатку лістапада, калі атакі войск вермахта былі адбіты пад Тулай.

Чарговая спроба нямецкіх танкавых калон прарваць абарону, прадпрынятая 15–16 лістапада ў паўночна-заходнім, а затым 18 лістапада – у паўднёва-заходнім напрамках мэты не дасягнула. Праўда, у канцы лістапада вораг захапіў Клін, Сонечнагорск і наблізіўся да Масквы на адлегласць у 27 км. Разам з тым гітлераўскія генералы расцягнулі войскі па фронце да такой ступені, што тыя страцілі прабіўную здольнасць. Важным фактарам у агульным зніжэнні баявой актыўнасці фашыстаў з’явілася іх непадрыхтаванасць да зімняй кампаніі.

Стратэгічная сітуацыя дазволіла савецкім войскам, накапіўшы сілы, 5–6 снежня перайсці ў контрнаступленне і да канца месяца поўнасцю разграміць фашысцкія войскі і адкінуць іх ад сталіцы захад на 100–250 км.

Страницы: 1, 2, 3


Copyright © 2012 г.
При использовании материалов - ссылка на сайт обязательна.