РЭФОРМА - УСТУПКА РУСІФІКАЦЫІ. Реферат.
РЭФОРМА - УСТУПКА РУСІФІКАЦЫІ. Реферат.
Рэферат падрыхтаваў:
Кардаш Яраслаў Сцяпанавіч
Праверыла:
Муравіцкая А. М.
Мінск 2002
ідэалагічны аспект
+------------------------------------------------------------------------+
| Сёння мы маем даволі багата публікацый па тэме, якую дзесяцігоддзямі |
| не адважваліся ўздымаць на старонках навуковай літаратуры, у |
| перыядычным друку. Тэма гэта - рэформа беларускага правапісу 1933 |
| года. У друку часцей за ўсё выступалі па ёй навукоўцы-філолагі. Так |
| што лінгвістычны аспект больш-менш поўна асветлены. Але ў данай |
| праблемы, на маю думку, ёсць і яшчэ адзін не менш важны аспект - |
| сацыяльна-палітычны, ідэалагічны, без разгляду якога цяжка зразумець, |
| чаму пры рэфармаванні правапісу часам так рэзка разыходзіліся пазіцыі |
| навукоўцаў-філолагаў, майстроў мастацкага слова толькі з-за |
| якой-небудзь адной літары. |
| |
| САЛІДНЫ ПАЧАТАК |
| |
| Набыццё беларускай мовай неўзабаве пасля Кастрычніцкага перавароту |
| статуса дзяржаўнай, афіцыйнае прызнанне, што ёй, як мове пераважнай |
| большасці насельніцтва рэспублікі, належыць самы шырокі спектр |
| сацыяльных функцый, паставілі на парадак дня велізарнай важнасці |
| задачу ўнармавання беларускай мовы. За час, як на ёй сталі пісаць |
| мастацкія творы і навуковыя працы, весці службовае справаводства, |
| заняткі ва ўсіх тыпах выхаваўчых і навучальных устаноў, добра |
| высветлілася, што яна, каб найлепш спраўляцца з выкананнем такога |
| шырокага дыяпазону функцый, патрабуе даволі значнага марфалагічнага, |
| фанетычнага і лексічнага ўпарадкавання. І тут няма нічога дзіўнага, |
| калі ўлічыць працяглы час існавання ў беларусаў толькі вуснай мовы. У |
| выніку ў перад- і паслярэвалюцыйнай беларускай літаратурнай мове |
| існаваў значны разнабой у напісанні слоў, што перашкаджала ёй быць |
| надзейным сродкам зносін паміж людзьмі, наспяхова спраўляцца з |
| ускладзенымі на яе ў сувязі з ажыццяўляемай палітыкай беларусізацыі |
| сацыяльнымі функцыямі. Рэформа беларускага правапісу станавілася |
| гістарычнай неабходнасцю, да чаго рыхтаваліся з усёй сур\\\'ёзнасцю, |
| прыслухоўваліся да кожнай слушнай прапановы. |
| |
| Першым буйным мерапрыемствам на гэтым шляху было правядзенне 14-21 |
| лістапада 1926 года ў Менску па ініцыятыве Інбелкульта акадэмічнай |
| канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу. Менскі мовазнаўчы форум |
| выклікаў да сябе вялікую зацікаўленасць не толькі навукоўцаў |
| рэспублікі. |
| |
| У канферэнцыі бралі ўдзел 69 чалавек. Але не ўсе, хто прыехаў на яе, |
| лічылі абавязковым рэформу беларускага правапісу і азбукі. Сярод іх |
| быў і добры знаўца беларускай мовы С.Некрашэвіч. «Наша літаратурная |
| мова, - гаварыў ён, - консолідаваўшы народныя гутаркі, вырасла ўжо ў |
| сталы організм, які не патрабуе над сабой грунтоўных... опэрацый». |
| Такі погляд у пэўнай ступені мог сфармавацца на базе яго сяброўскіх |
| адносін з аўтарам «Беларускай граматыкі для школ» Браніславам |
| Тарашкевічам, якую якраз і збіраліся рэфармаваць удзельнікі |
| канферэнцыі і перш за ўсё Я.Лёсік, які меркаваў выступіць на ёй з |
| асноўным дакладам. С.Некрашэвіч выказаўся за поўнае адхіленне праекта |
| братоў Лёсікаў. |
| |
| Удзельнікі філалагічнага форуму паказалі добрае веданне сутнасці |
| праблемы моўнага развіцця ў рэспубліцы ў святле нядаўна абвешчанай |
| беларусізацыі. Цяжкасці яе вырашэння справядліва бачылі ў неспрыяльных |
| умовах мінулага. Аднак такое становішча з беларускай мовай не пужала |
| яе шчырых рупліўцаў. Яны былі ўпэўнены, што шляхам стараннай працы па |
| ўнармаванні правапісу можна будзе паступова давесці яе да таго |
| ўзроўню, якому адпавядаюць старыя эўрапейскія літаратурныя мовы, |
| забяспечваючы гэтым самым росквіт нацыянальнай культуры. |
| |
| Непасрэдна сам філалагічны аспект парадку для канферэнцыі пачаў |
| разглядацца толькі з падрабязнага аргументаванага выступлення С. |
| Некрашэвіча. Ён не быў прыхільнікам карэннай ломкі моўнай спадчыны, |
| заяўляючы, што ў складзенай Б.Тарашкевічам «Беларускай граматыцы для |
| школ» правільна вызначаны асноўныя законы беларускай літаратурнай |
| мовы». Затое ў сінтаксісе ім бачылася «шмат неўласьцівых для |
| беларускай мовы канструкцый пабудовы сказу». Прамоўца выказаў |
| занепакоенасць наплывам у беларускую лексіку слоў (асабліва |
| абстрактнага значэння) з іншых моў і стаяў за ўтварэнне такіх на базе |
| ўласнага слоўнікавага матэрыялу з паступовай заменай усяго таго |
| чужога, што набралася ў беларускай мове. «Тэндэнцыя да замены |
| чужаземнай стыхіі сваёю, - гаварыў С.Некрашэвіч, - не ёсць толькі |
| з\\\'явішча беларускай культуры». І з гэтым нельга не пагадзіцца, |
| ведаючы, якая мэтанакіраваная праца праводзілася многімі народамі па |
| ачышчэнні сваіх літаратурных моў ад залішніх запазычанняў. Без такой |
| працы не абысціся і сённяшняму корпусу філолагаў нашай краіны, калі мы |
| жадаем узняць прэстыж беларускай мовы як дзяржаўнай у вачах яе |
| носьбітаў. |
| |
| Яшчэ глыбей пранік у сутнасць разглядаемай на канферэнцыі праблемы |
| Я.Лёсік, які азнаёміў прысутных з канкрэтным праектам па рэформе |
| беларускай азбукі. Гэта ўжо было не першае выступленне Я.Лёсіка па |
| данай праблеме. У адрозненне ад С.Некрашэвіча аўтар праекта па рэформе |
| беларускай азбукі лічыў, што апошняя «не адпавядае ўва ўсіх пунктах |
| гукавому пісьму... ня мае ўласнага твару», таму ён прапанаваў |
| набліжаць беларускую азбуку да гукавога пісьма, «каб не абярнуць яго ў |
| такое мёртвае і труднае для навучаньня, якім з\\\'яўляецца пісьмо |
| францускае або ангельскае». |
| |
| Апанентаў у Я.Лёсіка аказалася больш, чым прыхільнікаў. Беларускую |
| азбуку вырашылі не кранаць. |
| |
| З няменшай крытыкай ішло і абмеркаванне прапанаванага Я.Лёсікам |
| праекта рэформы беларускага правапісу, што сведчыла аб сур\\\'ёзным |
| падыходзе да праблемы, папярэджвала аб усялякіх памылках пры прыняцці |
| канкрэтных рашэнняў. Сутнасць свайго погляду Я.Лёсік выказаў так: «... |
| каб пісьмо было простае і лёгкае, дзеля гэтага яно не павінна |
| разыходзіцца з жывым вымаўленнем слоў». Таму ён не пагаджаўся з |
| Б.Тарашкевічам, што той фанетычны прынцып увёў толькі пры напісанні |
| галосных гукаў. З найбольш істотных паправак Я.Лёсіка, якія выклікалі |
| шмат спрэчак, былі: увядзенне поўнага аканьня і на чужаземныя словы, |
| адмена напісання «ь» паміж падвойнымі зычнымі (жыцьцё - жыццё), пасля |
| «з» і «с» (зьвер - звер, сьнег - снег). Пасля грунтоўнага абмеркавання |
| напісанне «а» ў ненаціскных складах іншаземных слоў зацвердзілі, што |
| нельга не прызнаць за правільнае рашэнне. Для прыняцця яго, |
| бясспрэчна, важную ролю адыграла цвёрдая пазіцыя сакратара Правапіснай |
| камісіі Мялешкі, што «кожны народ вымаўляе чужаземныя словы згодна |
| сваёй уласнай нацыянальнай акцэнтацыі», і С.Некрашэвіча, які оканне ў |
| замежных словах разглядаў як супярэчнасць адзінству народнай і кніжнай |
| мовы. |
| |
| Затое адразу высветлілася, што ў Я.Лесіка будзе вельмі мала аднадумцаў |
| у дачыненні да мяккага знака. Першым вельмі цвёрдую апазіцыю ў гэтым |
| заняў С.Некрашэвіч, спасылаючыся, што і ў старабеларускай мове |
| выкарыстоўвалі «ь» у словах сьнег, зьвер і інш. «Можна многа |
| павыкідаць значкоў, - гаварыў ён, - і дайсьці ўрэшце да кітайскай |
| азбукі, але ж гэта не заслуга азбукі. Азбука і правапіс тады добрыя, |
| калі яны па магчымасьці азначаюць кожныя гукі, ва ўсякім выпадку |
| характэрныя з іх. А што нашыя мяккія зычныя, асабліва сьвісьцячыя, |
| гукі характэрныя, аб гэтым і гаварыць не прыходзіцца». |
| |
| С.Некрашэвіча цалкам падтрымаў П.Растаргуеў, заявіўшы, што «напісаньне |
| звер, дзвёх, мядзведзь, свет, цвет, суддзя, жыццё, ралля, чытанне без |
| «ь» будзе мець вынікам усваеньне няправільнага вымаўленьня падобных |
| слоў. Спасылка на іншыя мовы беспадстаўная; напрыклад, у расійскай |
| мове мае месца мяккае вымаўленьне некаторых зычных, але пры |
| адсутнасьці азначэньня мяккасьці пры напісаньні яна губляецца ў жывым |
| вымаўленьні пісьменных людзей, і ў значнай большасьці даводзіцца чуць |
| цьвёрдае вымаўленьне... Паказаньне ў граматыках на вымаўленьне гэтых |
| зычных не выратуе становішча». На думку І.Бялькевіча, ад неўжывання |
| «ь» паміж падвойнымі мяккімі зычнымі траціцца асаблівасць беларускай |
| мовы. |
| |
| Увагу ўдзельнікаў канферэнцыі прыцягнула правіла напісання «у» і «і» |
| пасля галоснага папярэдняга слова. Вельмі катэгарычным тут быў |
| П.Растаргуеў, сцвярджаючы, што калі ў такіх выпадках зазначаныя літары |
| не пісаць як нескладовыя, «значыць сьцерці ў пісьмовай перадачы |
| беларускай мовы адну з найбольш характэрных яе асаблівасьцяй». З ім |
| пагаджаўся П.Бузук, спасылаючыся тут на ўкраінскі вопыт, дзе нават «і» |
| нескладовае пішуць у пачатку слова, калі папярэдняе канчаецца на |
| галосны. Удзельнікі канферэнцыі не пагадзіліся з такой прапановай у |
| дачыненні да «і». |
| |
| Пры такой саліднай гаворцы на канферэнцыі аб маючай неўзабаве адбыцца |
| рэформе правапісу беларускай мовы не магло не ўзнікнуць і пытанне аб |
| ужыванні лацінскага алфавіта. Сярод праціўнікаў яго былі і такія |
| выдатныя знаўцы беларускай мовы, як В.Ластоўскі, Я.Лёсік, |
| С.Некрашэвіч, П.Растаргуеў. Але дух талерантнасці, які панаваў на |
| працягу ўсяго часу працы канферэнцыі, даў магчымасць смела выступіць і |
| ў абарону лацінкі. Пераканаўча адстойваў яе П.Бузук: «... надыходзіць |
| час падумаць аб лацініцы; бязумоўна, да гэтага справа дойдзе; мы |
| эўропеізуемся, мы прынялі новы стыль, мы прынялі дзесятковую сыстэму |
| мер, нам застаецца зрабіць апошні крок - перайсці да лацінікі». |
| |
| Асаблівым клопатам удзельнікаў канферэнцыі з\\\'яўлялася ачышчэнне |
| беларускай мовы ад залішніх уплываў з боку расейскай. І гэта |
| зразумела: атрымаўшы статус дзяржаўнай, беларуская мова не магла болей |
| заставацца на ўзроўні сапсаванай расейскай мовы. На пазіцыях |
| сапраўднага пурытаніна ў гэтым пытанні трывала стаяў гісторык і |
| публіцыст, у мінулым рэдактар «Нашай Нівы» В.Ластоўскі. Фанетычныя |
| адступленні ад народнай мовы, на яго думку, выкліканы перш за ўсё |
| запазычаннем расейскай абацэды (алфавіта). Датычыла гэта і дыфтонгаў |
| уо(юю=іоу), ые(іе), якія складаюць адну з асаблівасцей беларускай |
| мовы. Замена дыфтонгаў «аднэй літарай расійскай абацэды, - гаварыў |
| В.Ластоўскі, - з\\\'явішча штучнае і надта шкоднае для захаваньня |
| натуральнай чыстаты мовы». Дзякуючы такой замене людзі гавораць |
| па-крыўску, але з маскоўскім акцэнтам. Яго зусім не задавальняла, што |
| ў беларускім правапісе фанетычная перадача захоўваецца толькі ў |
| канчатках слоў (зрабіў, валоў), а іх карані пішуцца па-расейску (звон |
| замест звуон). «У выніку гэтага наша старая і самабытная мова... |
| выглядае правінцыяльным дыялектам расійскай мовы, а гэтае апошняе |
| з\\\'яўляецца перашкодай адраджэньню нашай пісьменнасьці». На яго думку, |
| «ня толькі ў слове, як зьмесьце народнай мысьлі, але і ў форме гэтага |
| слова, у кожным паасобным гуку яго ці злучэньні гукаў адбіваецца |
| гісторыя народу». Таму трэба «дасягнуць таго, каб нашы словы, формы і |
| гукі на пісьме былі адбіццём гісторыі нашай пісьменнасьці, гісторыі |
| крыўскага, а не расійскага ці польскага народаў, сярод моваў якіх наша |
| пісьменная мова выглядае цяпер як толькі правінцыяльная адмена...» |
| |
| Спецыяльна не бралі слова на канферэнцыі Янка Купала і Якуб Колас. Але |
| вядома па выніках пайменнага галасавання і іншых крыніцах, што яны |
| былі супраць таго, што канферэнцыя прыняла прапазіцыю С.Некрашэвіча |
| пісаць «я» толькі ў першым складзе перад націскам і пакінула без |
| змяненняў напісанне «не» і «без», калі яны стаяць асобна (г.зн. не |
| падлягалі яканню). Я.Колас стаяў за пашырэнне якання і ў другім |
| складзе пасля націску, за напісанне «німа», «ніхай», быў супроць |
| ужывання «а» замест ненаціскнога «о» ў чужаземных словах. |
| |
| Усе дні, пакуль працягвалася работа канферэнцыі, яна была ў цэнтры |
| ўвагі самых розных пластоў беларускага народа, што дало падставу |
| старшыні Інбелкульта Ў.Ігнатоўскаму ў сваім заключным слове заявіць: |
| «Мы не забылі беларускай мовы, чаго баяўся Багушэвіч... Мы павінны |
| вызначыць вялікую зацікаўленасьць працамі канферэнцыі з боку шырокіх |
| рабоча-сялянскіх мас Беларусі. Нашы пасяджэньні заўсёды мелі шмат |
| гасьцей, асабліва вечарамі. Некаторыя з іх прасілі нават слова. Газэты |
| нашы, у якіх апісвалася дэтальна праца канферэнцыі, чыталіся нарасхват |
| і пасьля прачытаньня хаваліся ў прыватных бібліятэках». |
| |
| РЭФОРМА - УСТУПКА РУСІФІКАЦЫІ |
| |
| З рознымі пачуццямі і настроем пакідалі людзі канферэнцыю. Адных яна |
| радавала сваімі вынікамі, другіх - засмучала. Але як першыя, так і |
| другія добра ўсведамлялі, што наперадзе іх яшчэ чакае вялікая праца, |
| каб ачысціць беларускую мову ад усяго таго, што было не ўласціва яе |
| нутраной прыродзе, каб зрабіць яе ва ўсім адпаведнай так нядаўна |
| набытаму статусу дзяржаўнай. І вопытныя беларускія мовазнаўцы актыўна |
| ўзяліся за гэтую высакародную справу. Аднак адчувалася, што з кожным |
| годам усё цяжэй і цяжэй праводзіць карысныя ідэі ў жыццё. З распачатай |
| у канцы 20-х гадоў барацьбой з т.зв. беларускім нацыянал-дэмакратызмам |
| да ходу працы па падрыхтоўцы новага правапісу раптам выказалі вялікую |
| зацікаўленасць асобы, прафесійны статус якіх не меў нічога агульнага з |
| праблемай мовазнаўства. Пэўны ўплыў імкнуліся рабіць яны і на склад |
| навукоўцаў, што павінны былі далей займацца данай справай. І трэба |
| думаць, што не абыходзілася тут і без выкарыстання матэрыялаў |
| праведзенай у лістападзе 1926 года Канферэнцыі па рэформе беларускага |
| правапісу і азбукі. Паводле зместу выступленняў на ёй партыйныя органы |
| маглі скласці даволі поўныя ўяўленні аб палітычных перакананнях |
| кожнага, хто браў слова, і ўжо вырашыць, даць ці не даць яму |
| магчымасць удзельнічаць у распрацоўцы беларускага правапісу. Асаблівую |
| падазронасць выклікалі тыя, хто быў вельмі заклапочаны праблемай |
| ачышчэння беларускай мовы ад русізмаў і ўвогуле ад уплыву на яе з боку |
| расейскай. А такіх поглядаў прытрымлівалася большасць удзельнікаў |
| данага форуму, і свае пазіцыі яны выказвалі не завуалявана, а адкрыта, |
| не думаючы, што хтосьці гэтаму будзе даваць палітычную афарбоўку. Для |
| доказу прывядзем хаця б такія словы з выступлення А.Лёсіка: |
| «Уласьцівасьць беларускай мовы стане больш выразнай, калі мы будзем |
| пісаць «прышлі у хату», чым «прышлі ў хату», бо апошняе напісаньне |
| набліжае беларускае выражэньне да расійскага «в хату» («ў» бліжэй да |
| «в», чым «у»)». Пераканаўча паказваў, як адмоўна паўплывалі на |
| адметнасць беларускай мовы некрытычныя запазычанні з расейскага |
Страницы: 1, 2, 3
|